Саколкі

Насі сваё!Беларускія думкі
на любы памер

Цытуй сваё

Кампанія “Цытуй сваё!” была распачата ў канцы траўня 2015 года шэрагам інстытуцый грамадзянскай супольнасці ды адукацыйных устаноў (Міжнародны кансорцыюм “ЕўраБеларусь“, Лятучы ўніверсітэт, Беларускі саюз дызайнераў, грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!“, Беларускі калегіюм, курсы “Мова Нанова“).

Мэта кампаніі – актуалізацыія найлепшых узораў беларускай думкі, запрашэнне да ўважлівага чытання і асэнсавання прамоўленага і заспяванага ў нашай нацыянальнай культурнай прасторы. Кампанія заклікае беларусаў звярнуцца да найлепшага з беларускай думкі, згадаць перліны, якім мы аддаем неапраўдана мала ўвагі, бо яны побач, свае. Каманія “Цытуй сваё!” распачала Год беларускага мыслення.

Мы сабралі сотні выказванняў беларускіх мысляроў, зрабілі магніты з лепшымі цытатамі, нататнікі з лагатыпам праекта, каб можна было запісваць туды новыя цікавыя цытаты, сабралі сродкі на друк цытатніка беларускага мыслення і зараз гатовы прэзентаваць вынікі творчага пленэра – саколкі са знакавымі сёння думкамі беларускіх мысляроў!

Ідэя пленэра належыць вядомаму беларускаму дызайнеру і разнастайна творчаму чалавеку Міхалу Анемпадыставу. Для далейшага развіцця кампаніі патрэбныя былі яскравыя візуальныя вобразы, якія б “пайшлі ў народ”. Спадар Міхал прапанаваў сабраць прафесіяналаў, каб разам папрацаваць над гэтай творчай задачай. Наш пленэр быў своеасаблівай арт-падрыхтоўкай да Году беларускага мыслення.

Мы запрасілі выбітных беларускіх мастакоў і дызайнераў Алега Усціновіча, Артура Вакарава, Вадзіма Пракопчыка, Алену Дашкевіч і Паўла Афанасьевіча Семчанка. Яны працуюць у розных сферах, стылях, тэхніках, але ўсіх іх аб’ядноўвае любоў да Радзімы і нашай культурнай спадчыны.

Пленэр доўжыўся чатыры дні і ўтрымліваў розныя рэчы, без якіх немагчыма стварыць камфортную і змястоўна насычаную атмасферу. У першы дзень адбылася ўводная дыскусія на тэму рамак і асаблівасцяў беларускага мыслення з удзелам філосафа і літаратара Валянціна Акудовіча. Далей творцы мелі магчымасць абраць для сябе ўлюбёныя цытаты, якім яны жадалі б надаць пэўнае візуальнае афармленне. У апошні дзень адбылася невялічкая прэзентацыя чарнавых вынікаў працы. Магчымасць адлюстраваць натхненне і атмасферу аўтараў дызайнерскіх праектаў пленэра мы маем дзякуючы ўважліваму воку і прафесійнаму погляду Лесі Баярынай, якая пыступіла тут у якасці фатографа.

Падчас пленэру працавала здымачная група Алены Верашчагінай, якая мела свой уласны пленэрчык, спрабуючы зняць, а таксама апытаць нашых творцаў наконт іх думак і вобразаў, што іх натхняюць. Таксама натхненню паспрыяў своеасаблівы “канцэрт у альтанцы” ад Змітра Вайцюшкевіча.

Для творчых людзей магчымасць працаваць над сваімі ідэямі ў прыгожых і камфортных умовах – адзін з неабходных складнікаў поспеху. Менавіта з-за гэтага Вайцюшкі былі ідэальным месцам для пленэра – восеньская прырода і няспешнасць нёманскага краю, крэатыўнасць  і нестандартнасць самой сялібы, і вядома ж – гасціннасць сям'і Змітра Вайцюшкевіча, якія фактычна былі неад’емнай часткай самога пленэру. Таму атрымалася так, што творцы прыехалі да творцаў.